Я нядаўна абнавіў свой сайт і здаецца надышоў час абнавіць старонку now так сама. Тут кароткая зводка маіх бягучых захапленняў, праектаў і агульных навін з жыцця. Парадак не азначае прыярытэту, гэта проста спосаб упарадкаваць мае думкі. Усё гэта для мяне сапраўды важна, і я імкнуся знаходзіць баланс, каб паспяваць усюды.
Праекты
Зараз у мяне ёсць некалькі актыўных праектаў. Самы важны і складаны з іх – Brevly. Гэта набор інструментаў для веласіпедыстаў, якія ездзяць і арганізуюць заезды на доўгія дыстанцыі – брэветы. У мяне шмат ідэй і хоць праца з імі патрабуе значных намаганняў, штучны інтэлект робіць працэс стварэння прататыпа і яго шліфоўкі значна менш страшным. Апошнія дні я актыўна рыхтую MVP, каб паспрабаваць з фэстамі.
Яшчэ адзін праект, які трапляе ў катэгорыю пэт-праектаў (спадзяюся, што іншыя таксама знойдуць яго карысным), – RideStory. Гэта Telegram-бот з міні-вэб-app, які сінхранізуе мае паездкі са Strava і Komoot. Ён дазваляе мне дадаваць фатаграфіі, пісаць нататкі і рабіць крос-постынг усюды з аднаго месца. Абнаўляць заезды ў Strava і Komoot, рабіць публікацыі ў Instagram, пісаць у Twitter і рыхтаваць пост для Telegram-канала. Звычайна я раблю гэта рукамі, таму мэта – неяк аўтаматызаваць маю руціну пасля паездак.
І апошняе, але не менш важнае: я пераймяноўваю праект “Тэхнабеларус” у больш сфакусаваную на распрацоўцы крыніцу ведаў пад назвай Prastora (прастора распрацоўкі). Тут шмат тэхнічнай працы, але ў асноўным яна звязана са стварэннем кантэнту і маркетынгам. Пра гэта напішу асобна і падрабязней.
Праца і ШІ
На працы мы стварылі сталы сэрвіс для аплат і працягваем павялічваць базу карыстальнікаў, прыцягваць партнёраў. Зараз не так шмат актыўнай распрацоўкі новых функцыя, замест гэтага вялікая частка маёй працы сфакусавана на SRE (Site Reliability Engineering). З ростам нагрузкі мы вымушаныя ўкараняць, інтэграваць і выкарыстоўваць рашэнні, якія звычайна прымяняюць да сваіх сэрвісаў сталыя кампаніі. Становімся такой вось і мы.
Гэта тое, чым я люблю займацца, і мне гэта сапраўды падабаецца. У той жа час, гэта складаная задача, дзе не заўсёды магчыма знайсці прамыя адказы, нават з дапамогай AI. LLM паскараюць некаторыя тэхнічныя задачы, але пошук лепшых рашэнняў і праектаванне ўстойлівай архітэктуры – гэта ўсё ж такі праца чалавека.
Веласіпед
Мінулым летам я праваліў сваю спробу атрымаць званне Суперранданёра, таму ў гэтым годзе паспрабую зноў. Мэты застаюцца ранейшымі: праехаць серыю брэветаў на 200, 300, 400 і 600 кіламетраў. Калі будзе вольны час, хачу таксама паспрабаваць праехаць 1000 кіламетраў.
Шчыльны працоўны і сямейны графік не заўсёды дазваляе мне ездзіць тады, калі я хачу, таму планаваць гэтыя актыўнасці крыху складана. Аднак мая фізічная форма значна лепшая, чым у мінулым годзе, таму спадзяюся праехаць хаця б адзін 200-кіламетровы заезд менш чым за 10 гадзін.
Апроч гэтага, я таксама паспрабую праехаць некалькі доўгіх маршрутаў, але без ліміту часу, проста ў рэжыме падарожжа.
Здароўе
Ужо доўгі час я спрабую вырашыць праблему з высокім узроўнем халестэрыну. Калі нічога не рабіць, гэта нясе шмат рызык для сэрца, таму я звярнуўся да ўрача і пачаў лячэнне. Паколькі самі па сабе лекі не вырашаюць першапрычыну, я актыўна працую над паляпшэннем сну, зніжэннем узроўню картызолу і павелічэннем фізічнай актыўнасці.
Каб палепшыць свае вынікі ў веласпорце, я двойчы на тыдзень хаджу ў трэнажорную залу з трэнерам. Вынікі ўжо бачныя – падчас маёй апошняй паездкі на 130 кіламетраў я нарэшце заязджаў на ўзгоркі без болю і пакут.
Сям’я
Дзеці растуць і патрабуюць увагі. Магчыма, не так шмат, калі казаць пра час, але ўвага павінна быць якаснай. Месяц таму я купіў ровар для маёй 4-гадовай дачкі, і цяпер мы катаемся разам амаль кожны дзень. Сям’ёй мы стараемся больш падарожнічаць, прынамсі ў тыя месцы, куды можна дабрацца на машыне. Спадзяюся, у гэтым годзе мы таксама пабачым сапраўдны сонечны пляж. Ёсць таксама некаторыя пытанні з дакументамі, якія трэба вырашыць; часам гэта складана, але яно таго варта.